| vovansystems ( @ 2006-08-16 23:55:00 |
| Current music: | Vicious Crusade - Messiah |
| Entry tags: | politics |
пра вячорку
Ніхто не сумняваецца, што В. Вячорка за Беларусь, за незалежнасьць, мову і г.д. і ніхто ня лічыць яго “прарасейскім”, “агентам” і т. п. Толькі трэба памятаць, што палітыка мае свае законы і правілы і калі іх ігнараваць, то добрымі пажаданьнямі у такім выпадку можна вымасьціць дарогу ў пекла. Японія не была фашыстоўскай краінай, але дзеля сваіх інтарэсаў пайшла на хаўрус з Гітлерам. У выніку на Японію пасыпаліся атамныя бомбы і краіна страціла свае тэрыторыі.© 15 жніўня 2006 г. Зянон ПАЗЬНЯК «Яднацца трэба са сваімі»
Адколатая частка Фронту, змагаючыся супраць Лукашэнкі, пайшла на хаўрус з прамаскоўскімі партыямі і нават з камуністамі, думаючы, магчыма, пашырыць на іх свой нацыянальны уплыў, але не разумеючы, што паддаліся чужой палітыцы. У выніку прамаскоўскія партыі здамінавалі так званую апазыцыю, а фронтаўцы зь Вячоркам апынуліся на трэціх ролях; верхаводзяць Калякін, Лябедзька, Бухвостаў, усюды гавораць і пішуць па-руску, езьдзяць у Маскву да Караганава ды Маркава ды Нямцова, выбіваюць прыхільнасьць і чужыя сродкі, улягаюць чужой палітыцы, і Вячорка ў гэтай кампаніі як шэраговец.
Усё гэта абазначае паўзучую паразу беларускай нацыянальнай ідэі (ідэі, на якой трымаецца нацыянальная дзяржава і нацыя). У гэтым і сутнасьць здрады. Не сталі змагацца за беларускую справу, як нашыя адраджэнцы дзяды-прадзяды, як Народны Фронт супраць камунізму, СССР ды КПСС, а паддаліся хаўрусьнікам дзеля хаўрусу, дзеля абяцаных прагматычных інтарэсаў, ахвяраваліся вялікім дзеля малога.
У выніку на сёньняшні дзень Беларусь, фактычна, апынулася без нацыянальнай палітычнай альтэрнатывы. Калі б цяпер раптам абваліўся рэжым Лукашэнкі, то да ўлады ў Беларусі (пры дапамозе Масквы, калякіных і лябедзек) прышлі б зноў антыбеларускія сілы. Дзесяць гадоў таму, калі ў беларускай апазыцыі і палітыцы дамінаваў Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, такога ніколі б ня здарылася. У Беларусі была нацыянальная палітычная пэрспэктыва.
Пра ўсё гэта я казаў, пісаў і папярэджваў і сем, і восем, і дзесяць гадоў таму. Гарантыя палітычнай перамогі не ў фармаваньні кааліцыяў з апанэнтамі дзеля дасягненьня блізкіх мэтаў, а ў стварэньні моцнай палітычнай беларускай сілы, якая будзе грунтам стратэгічных дасягненьняў нацыянальнай палітыкі. Ніхто ня можа сказаць, што нічога ня ведаў і ня чуў, калі паўстане пытаньне аб адказнасьці. Ёсьць канкрэтныя вінавайцы ў разгроме Японіі. Цяперашняя задача ўсёй нашай беларускай супольнасьці – вярнуць Беларусі нацыянальную палітычную пэрспэктыву, каб мець будучыню.